ВЫБАРЧАЕ ПРАВА ДЛЯ ВУЧНЯЎ: АКАДЭМІЯ АДУКАЦЫІ РАСПРАЦАВАЛА МЕТАДЫЧНЫЯ РЭКАМЕНДАЦЫІ ДЛЯ ПЕДАГОГАЎ
05.12.2024Развіццё актыўнасці, ініцыятыўнасці, прававой падкаванасці школьнікаў будзе эфектыўным пры арганізацыі адпаведнай метадычнай работы. Патрэбныя інструменты ў дапамогу педагогам распрацоўваюць у Акадэміі адукацыі.
У рабоце з моладдзю неабходна выкарыстоўваць самыя сучасныя падыходы.
“Найперш гэта адкрытыя абмеркаванні ў форме дэбатаў, актыўнага ўзаемадзеяння, пры якім кожны можа выказаць сваю пазіцыю, меркаванне. Запатрабаванымі з’яўляюцца розныя інтэрактыўныя формы ўзаемадзеяння з навучэнцамі. Нагадваем і пра новыя матэрыялы, якія на сённяшні дзень падрыхтаваны, метадычныя рэкамендацыі, якія даюць магчымасць педагогу сарыентавацца, што найбольш прымальна ў залежнасці ад узросту дзіцяці і тых задач, якія стаяць перад сістэмай адукацыі і выхаваўчай работай у цэлым”, — адзначыла рэктар Акадэміі адукацыі Ірына Старавойтава.
Пытанні фарміравання прававой культуры моладзі, актыўнай грамадзянскай пазіцыі, усвядомленага ўдзелу ў выбарчай кампаніі былі ключавымі на рэспубліканскім семінары-нарадзе “Фарміраванне прававой культуры моладзі”. Мерапрыемства праходзіла ў Акадэміі адукацыі з удзелам старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігара Карпенкі, міністра адукацыі Андрэя Іванца. Семінар стаў пляцоўкай для абмену вопытам і меркаваннямі прафесіяналаў.
Да 2024/2025 навучальнага года па ініцыятыве Цэнтральнай выбарчай камісіі Рэспублікі Беларусь распрацаваны метадычныя рэкамендацыі для правядзення ў 9—11 класах устаноў агульнай сярэдняй адукацыі адзіных інфармацыйных гадзін па пытаннях выбарчага права.
Інфармацыйныя гадзіны рэкамендуецца праводзіць адзін раз у месяц. Яны павінны быць накіраваны на фарміраванне ў вучняў:
ведаў заканадаўства Рэспублікі Беларусь у галіне выбарчага права;
разумення важнасці ўдзелу ў выбарах;
зацікаўленасці і практычнай гатоўнасці да ўдзелу ў выбарах, рэферэндумах з дасягненнем паўналецця;
цікавасці да грамадска-палітычнага жыцця нашай краіны.
Як адзначыла прарэктар па метадычнай рабоце Акадэміі адукацыі Валянціна Гінчук, пры правядзенні такіх інфармацыйных гадзін у 9—11 класах можна выкарыстоўваць прапанаваныя прыкладныя матрыцы:
“Навучэнцам пра выбары. Выбарчае права ў Рэспубліцы Беларусь”;
“Навучэнцам пра выбары. Выбарчы працэс”;
“Навучэнцам пра выбары. Выбарчыя дзяржаўныя органы ўлады. Усебеларускі народны сход”;
“Навучэнцам пра выбары. Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”.
“Пры іх рэалізацыі неабходна ўлічваць узроставыя асаблівасці навучэнцаў, асаблівасці вучнёўскага калектыву і ўстановы адукацыі”, — падкрэсліла Валянціна Васільеўна.
Веды аб выбарчай сістэме, яе прынцыпах, выбарчым працэсе, ролі выбаршчыка вучні засвойваюць на вучэбных занятках па вучэбным прадмеце “Грамадазнаўства” ў 9—11 класах, у рамках рэалізацыі рэспубліканскага інфармацыйна-адукацыйнага праекта “Школа актыўнага грамадзяніна”, праграмы тэматычных заняткаў “Я. Мая сям’я. Мая Радзіма”, на адзіных інфармацыйных гадзінах па пытаннях выбарчага права.
“Сістэма прававой асветы навучэнцаў па пытаннях выбарчага права павінна быць скаардынаваная ва ўстанове адукацыі такім чынам, каб урочная і пазаўрочная дзейнасць дапаўнялі адна адну, інфармацыя не дубліравалася, а пашырала веды вучняў, улічвала іх узровень адукацыйнай падрыхтоўкі па гэтых пытаннях. У сувязі з гэтым пры планаванні і правядзенні работы па прававой асвеце навучэнцаў павінна быць арганізавана ўзаемадзеянне класных кіраўнікоў, настаўнікаў грамадазнаўства, педагогаў-арганізатараў, кіраўнікоў пярвічных арганізацый БРСМ”, — працягвала Валянціна Гінчук.
Пры падрыхтоўцы і правядзенні адзіных інфармацыйных гадзін па пытаннях выбарчага права рэкамендуецца выкарыстоўваць, акрамя вучэбных дапаможнікаў па грамадазнаўстве, іншыя крыніцы.
“Пры гэтым з фрагментамі дакументаў мэтазгодна арганізоўваць работу непасрэдна на інфармацыйных гадзінах, бо яны патрабуюць каментарыя настаўніка; з іншымі крыніцамі навучэнцы могуць працаваць самастойна для падрыхтоўкі паведамленняў, праектаў, пры падрыхтоўцы да віктарын, алімпіяды.
Пры правядзенні інфармацыйных гадзін па пытаннях выбарчага права неабходна пазбягаць маналагічнасці ў прад’яўленні інфармацыі, выкарыстоўваць актыўныя формы арганізацыі вучэбна-пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў”, — рэкамендуе прарэктар па метадычнай рабоце Акадэміі адукацыі.
У метадычных рэкамендацыях прадугледжаны:
работа з тэкстамі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь, Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, Ваеннай дактрыны Рэспублікі Беларусь;
сустрэчы з асобамі, якія былі членамі выбарчых камісій (старшынямі, сакратарамі), членамі Савета Рэспублікі, дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, дэпутатамі мясцовых Саветаў дэпутатаў, дэлегатамі Усебеларускага народнага сходу, членамі навукова-экспертнага, маладзёжнага саветаў пры Цэнтральнай выбарчай камісіі (з выкарыстаннем фармату тэлевізійнага праекта “100 пытанняў даросламу”);
віктарына “Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь” і г.д.
Кожны настаўнік у сваім метадычным арсенале мае і іншыя формы арганізацыі дзейнасці навучэнцаў, якія могуць быць паспяхова прыменены пры правядзенні інфармацыйных гадзін: круглыя сталы, дыспуты, конкурсы, дзелавыя гульні, дыялогавыя пляцоўкі.
Зразумела, што інфармацыйныя гадзіны павінны мець практыка-арыентаваны характар. Навучэнцам неабходна не проста засвоіць веды, але і навучыцца прымяняць іх у штодзённым жыцці. Рэалізацыя гэтай задачы будзе магчыма, калі педагогі з навучэнцамі будуць працаваць, абапіраючыся на метадычныя матэрыялы, дзе прадугледжана:
работа з памяткай “Выбары. Будучаму выбаршчыку”;
рашэнне практычных сітуацый;
дзелавая гульня “Выбары”;
настольная гульня “Выбары дэпутата ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь”;
практычная работа з бюлетэнем для галасавання, вывучэнне правіл яго запаўнення.
Для таго каб інфармацыйныя гадзіны былі яшчэ больш эфектыўнымі, педагогу варта звярнуцца да тых прыёмаў работы, якія прадугледжваюць выказванне асабістага стаўлення навучэнца да выбараў.
У метадычных матэрыялах рэкамендуецца абмеркаваць з навучэнцамі наступныя пытанні.
Чаму кожнаму грамадзяніну важна ўдзельнічаць у выбарах?
Які сэнс закладзены ў лозунгу “Галасуй, а то прайграеш”?
Што новага пра ўдзел у выбарах вы даведаліся?
Якія высновы зрабілі для сябе?
Прадугледжаны таксама заданні на распрацоўку праектаў, у якіх трэба выказаць уласнае меркаванне адносна тэмы, якая вывучаецца, напрыклад, праз распрацоўку флаера з заклікам да ўдзелу ў выбарах, стварэнне сінквейна на тэму “Выбары”. Цікавай для старшакласнікаў будзе вядомая настаўнікам методыка “Дэбаты”.
Пры афармленні памяшканняў, у якіх праводзяцца адзіныя інфармацыйныя гадзіны, неабходна выкарыстоўваць:
- дзяржаўную сімволіку Рэспублікі Беларусь;
- друкаваныя выданні Канстытуцыі і Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь;
- тэматычную інфаграфіку;
- выставы літаратуры, фатаграфіі пад агульнай назвай “Незалежная, мірная і квітнеючая Беларусь”.
Рэкамендуецца арганізаваць фотавыставу, прэзентацыю дасягненняў установы адукацыі, удзелу вучняў у акцыях, грамадска карыснай працы, у рэалізацыі маладзёжных ініцыятыў, аб дзейнасці дзіцячых грамадскіх арганізацый установы адукацыі.
Акрамя таго, пры афармленні памяшканняў для правядзення інфармацыйных гадзін рэкамендуецца выкарыстоўваць вынікі дзейнасці вучняў па пытаннях выбарчага права (эсэ, плакаты, постэры, малюнкі на тэмы “Выбары ў нашай краіне”, “Дзень выбараў”).
“Рэалізацыя вышэйзгаданых умоў пры правядзенні адзіных інфармацыйных гадзін па пытаннях выбарчага права будзе спрыяць эфектыўнаму фарміраванню электаральнай культуры навучэнцаў, у прыватнасці разуменню імі значнасці рэалізацыі сваіх выбарчых правоў у будучыні; фарміраванню ўяўленняў пра змест выбарчага працэсу, алгарытмах рэалізацыі грамадзянінам выбарчых правоў; даверу да выбараў і жадання рэгулярна прымаць у іх удзел; асваенню спосабаў рэалізацыі сваіх выбарчых правоў”, — зазначыла Валянціна Гінчук.
Источник: https://nastgaz.by
Мы в соцсетях: