АНДРЭЙ ІВАНЕЦ: «ЗАДАЧА НАСТАЎНІКА — УЛЮБІЦЬ У СВОЙ ПРАДМЕТ»
08.10.2024Пра жыццёвых настаўнікаў, навуковыя знаходкі, магчымасці развіцця юных беларусаў карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” пагаварыла з міністрам адукацыі Андрэем Іванцом.
Уласная траекторыя
— Андрэй Іванавіч, што вам узгадваецца са школьнага жыцця?
— Я вучыўся ў сталічнай сярэдняй школе № 167. Сваю першую настаўніцу Наталлю Дзмітрыеўну Вільчынскую ўзгадваю з цеплынёй і ўдзячнасцю. Увогуле, нашы школьныя педагогі не проста выкладалі свае прадметы, яны накіроўвалі і па-сапраўднаму выхоўвалі нас. Хоць у той час не было такой колькасці выхаваўчых мерапрыемстваў і шостага школьнага дня, аднак усе асновы фарміравання асобы настаўнікі паспявалі закласці падчас свайго ўрока.
— Складаныя прадметы ў школе былі?
— Былі лёгкія прадметы, але не вельмі любімыя і наадварот. Напрыклад, працоўнае навучанне любіў як прадмет, але ў мяне не ўсё атрымлівалася. А вось матэматыка мне давалася лёгка, але яна мне не вельмі падабалася.
— А ці памятаеце момант, калі захапіліся хіміяй?
— Гэта адбылося ў 8 класе дзякуючы настаўніцы па хіміі Зоі Аркадзьеўне Лары. Маё глыбокае перакананне: самая галоўная і першачарговая задача педагогаў — улюбіць навучэнцаў у свой прадмет. Увогуле, пачынаючы з 5 класа я задаваўся пытаннем, у якой сферы хацеў бы стаць прафесіяналам. Дзеля атрымання адказу рэгулярна ўдзельнічаў у прадметных алімпіядах па геаграфіі, гісторыі, матэматыцы, фізіцы. Па двух апошніх прадметах былі даволі добрыя поспехі. Калі ж з’явілася хімія, то амаль адразу зразумеў — гэта тая навука, якую мне хочацца вывучаць да дробязей. За дзве чвэрці 8 класа самастойна прачытаў усе падручнікі за школьны курс хіміі. На пачатку 9 класа ўжо быў гатовы да паступлення ў Ліцэй БДУ.
— У ліцэі не было ваганняў у выбары прафесіі? Магчыма, хтосьці з ліцэйскіх педагогаў асабліва паўплываў на вас?
— Два гады вучобы ў хімічным класе ліцэя сталі для мяне асаблівымі. Яны дазволілі і выбраць будучую прафесію, і сфарміраваць уяўленне пра навуковую дзейнасць і нават шмат у чым мой светапогляд.
Педагогі Таццяна Аляксандраўна Калевіч і Віктар Мікалаевіч Хвалюк давалі нам фактычна ўніверсітэцкую праграму, якая спрыяла добрым вынікам у алімпіядным руху. Памятаю, як з Таццянай Аляксандраўнай займаліся кожную суботу, удзельнічалі ў завочнай алімпіядзе ліцэя. Хачу сказаць, што, каб развівацца ў сваім прадмеце, то 80% работы па яго вывучэнні павінна адбывацца самастойна.
Калі ты не будзеш матываваным і самадысцыплінаваным, то чакаць, што на ўроку або факультатыве ўсё атрымаецца, — утопія.
На іх можна ўдакладніць незразумелыя рэчы, даведацца пра асаблівыя падыходы і цікавыя задачы, але асноўны масіў работы праводзіцца самастойна. Напрыклад, я перачытаў неверагодную колькасць вучэбных дапаможнікаў для УВА па хіміі па кожным раздзеле — арганічнай, фізічнай, калоіднай, біяарганічнай, электрахіміі, радыёхіміі і г.д.
Прычым у ліцэі атрымаў такую базу, што, паступіўшы на хімфак БДУ, першыя тры курсы можна было і не вучыцца. Гэта сведчыць аб дастаткова высокім узроўні ліцэйскай адукацыі. У той жа час гэта пацвярджае неабходнасць выбудоўвання асаблівай адукацыйнай траекторыі ва ўніверсітэтах для навучэнцаў, якія прымалі актыўны ўдзел у даследчай і праектнай дзейнасці, алімпіядным руху. Каб вынікі такой адоранай моладзі былі больш высокімі, яе варта падхопліваць на першым курсе.
— Каб паступіць у Ліцэй БДУ, а затым і ва ўніверсітэт, ва ўсе часы патрэбны былі як глыбокія веды, так і высокі сярэдні бал дакумента аб адукацыі. Ці займаліся вы з рэпетытарам і, як лічыце, ці ёсць у іх патрэба?
— У мяне ніколі не было рэпетытараў. Лічу, што для паступлення ва ўніверсітэт іх дапамога не патрэбна. Калі старшакласнік добра вучыцца і наведвае факультатыўныя заняткі ў школе, дома самастойна займаецца, то гэтага дастаткова, каб паступіць ва УВА. Бо ў адпаведнасці з патрабаваннем кіраўніка дзяржавы, усе пытанні ЦЭ і ЦТ адпавядаюць базаваму ўзроўню агульнай сярэдняй адукацыі.
Калі ж гаварыць пра паступленне ў ліцэй, то тут трэба разумець, што, акрамя ўзмоцненай падрыхтоўкі па пэўным прадмеце, павінна быць і схільнасць да яго. Пры гэтым не варта адчайвацца, калі не паступіў, але і не трэба спадзявацца, што заняткі з рэпетытарам або на падрыхтоўчых курсах стануць абавязковай гарантыяй паступлення. Тут самае галоўнае не столькі факт самога паступленне, колькі адукацыя, якую можна атрымаць за два гады навучання ў ліцэі. За гэты час адбываецца вельмі сур’ёзная трансфармацыя 10—11-класнікаў, што дазваляе ім добра сацыялізавацца, свядома выбраць свой жыццёвы шлях, вызначыцца з прафесійным станаўленнем. Ліцэй — гэта вельмі важная школа не толькі вучобы, але і жыцця.
Умовы для росту
— У свой час вы былі пераможцам рэспубліканскай прадметнай алімпіяды і прызёрам міжнародных інтэлектуальных спаборніцтваў. Дзякуючы ім, паступілі на хімфак БДУ без экзаменаў. Сёння наша таленавітая моладзь таксама мае шэраг прывілеяў падчас уступнай кампаніі.
— Самае галоўнае для станаўлення адораных дзяцей — стварэнне ўмоў для іх творчага, навуковага і прафесійнага росту. Таленавіты чалавек павінен, з аднаго боку, мець умовы для свайго развіцця, а з другога — мець магчымасць прайсці гэты шлях самастойна. Аднак мы ні ў якім разе не павінны весці за руку гэтую адораную моладзь на працягу ўсяго жыцця, каб не зніжалася яе выніковасць. Толькі ўзлёты і падзенні будуць стымуляваць маладых людзей і дапамагаць знаходзіць сілы, матывацыю рухацца наперад да сваёй мэты і мары.
У нашай краіне для адораных дзяцей зроблена вельмі шмат. Мы суправаджаем іх не толькі ў школе, але і ва ўніверсітэце, і як маладых спецыялістаў на прадпрыемствах, у рэальным сектары эканомікі.
Сёлета мы асабліва адчулі, што наша школьная сістэма адукацыі вельмі моцная. Ужо 56 медалёў беларускія старшакласнікі прывезлі з міжнародных алімпіяд. Літаральна на днях наша каманда вярнулася з расійскага адукацыйнага цэнтра “Сірыус”, папоўніўшы скарбонку медалёў па астраноміі. Гэта сведчанне таго, што ў нас ёсць таленты. Наша задача — адшукаць іх нават у глыбінцы, а затым пабудаваць траекторыю іх адукацыйнага і прафесійнага станаўлення. У сувязі з гэтым работа Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка выбудоўваецца так, што профільныя міністэрствы і ведамствы з’яўляюцца фактычнымі заказчыкамі як навуковых даследаванняў, якія там выконваюцца сіламі таленавітых дзяцей, так і будучых спецыялістаў, якія пасля ўніверсітэта ідуць да іх на работу.
Дарэчы, мы сёння думаем над пашырэннем дзейнасці НДТП. Так, 30 верасня пачала працаваць вочна-дыстанцыйная школа па падрыхтоўцы да ўдзелу ў рэспубліканскай і міжнародных алімпіядах па вучэбных прадметах. Мы запрашаем школьнікаў паўдзельнічаць у ёй і паспрабаваць свае сілы. У канікулярны перыяд НДТП стане пляцоўкай для вочных этапаў навучання ў гэтай школе. Пакуль гэта пілотны праект, але калі ён пакажа сваю эфектыўнасць, то з наступнага навучальнага года зробім круглагадовую падрыхтоўку алімпіяднікаў на базе тэхнапарка. Такім чынам мы зможам у адным месцы сабраць і тых, хто займаецца навуковай, праектнай дзейнасцю, і ўдзельнікаў алімпіяднага руху. Думаю, такі сімбіёз зносін адных і другіх дазволіць палепшыць іх выніковасць.
Рухавікі самаразвіцця
— Андрэй Іванавіч, давайце ўзгадаем, як вы сталі вучоным і каго з навуковых кіраўнікоў успамінаеце з удзячнасцю?
— Прыход у навуку, як і станаўленне маладога вучонага, вельмі залежыць ад таго настаўніка, навуковага кіраўніка, якога ён сустрэне ў жыцці. Бо гэта не проста выкладчык альбо куратар на тры гады навучання ў аспірантуры ці на час падрыхтоўкі доктарскай дысертацыі, гэта чалавек, які фарміруе цябе як вучонага. У гэтым плане мне пашанцавала. У студэнцкія гады кіраўніком маёй бакалаўрскай і дыпломнай работ быў загадчык кафедры фізічнай хіміі, пасля дэкан хімфака і першы прарэктар БДУ Уладзімір Васільевіч Панькоў. Менавіта ён прывёў мяне ў навуку і на сваю кафедру.
Затым мне пашанцавала на навуковага кіраўніка па кандыдацкай дысертацыі — Анатоля Іванавіча Рацько, загадчыка лабараторыі Інстытута агульнай і неарганічнай хіміі НАН Беларусі. Мы працавалі разам з ім вельмі цесна і вынікова, што дазволіла мне ў тэрмін падрыхтаваць і абараніць кандыдацкую. Хоць, прызнаюся, дзеля гэтага даводзілася працаваць і ў суботу, і ў нядзелю, дапазна затрымлівацца ў лабараторыі. Аднак калі ты жывеш сваім навуковым даследаваннем, то час пралятае незаўважна.
Дарэчы, мая кандыдацкая, кажучы простай мовай, была прысвечана распрацоўцы керамічных мікрафільтрацыйных мембран, што прымяняюцца для ачысткі вадкіх і газавых асяроддзяў. На іх аснове былі распрацаваны ўстаноўкі водаачысткі, якія дазваляюць праводзіць абезжалезванне вады, ачыстку ад калоідных рэчываў і механічных прымесей. Усё гэта сёння дастаткова актуальна для пітнога водазабеспячэння з артэзіянскіх крыніц краіны.
Для паступлення ва ўніверсітэт рэпетытары не патрэбны.
Другім жа маім навуковым кансультантам быў акадэмік дырэктар Інстытута хіміі новых матэрыялаў НАН Беларусі Уладзімір Янокавіч Агабекаў. Нашы інстытуты шчыльна супрацоўнічалі менавіта па той тэматыцы. Гэта таксама дазволіла ў дастаткова сціслыя тэрміны выканаць дысертацыйнае даследаванне для доктарскай, укараніць вынікі ў практыку на прамысловых прадпрыемствах, арганізацыях сектара жыллёва-камунальнай гаспадаркі краіны.
Доктарская дысертацыя тычылася распрацоўкі мембранных, сарбцыйных і каталітычна актыўных матэрыялаў з прыродных сілікатаў і карбанатаў. Гэта адсарбенты, якія дазваляюць селектыўна здабываць іоны цяжкіх металаў з водных асяроддзяў, напрыклад, пры ачыстцы сцёкавых вод прамысловых прадпрыемстваў альбо ачыстцы вадкіх радыеактыўных адходаў. Прычым распрацаваны адсарбент уведзены ў эксплуатацыю на АЭС. Ён дазваляе селектыўна вылучаць радыенукліды цэзію, стронцыю, кобальту з водных асяроддзяў, складанага хімічнага складу. Зараз вядзецца распрацоўка тэхналогіі імабілізацыі адпрацаваных адсарбентаў у цвердацельныя керамічныя матрыцы для наступнага пахавання ў выглядзе высокаактыўных адходаў. Гэта таксама вельмі важна і актуальна, бо пытанне захавання бяспекі эксплуатацыі любой атамнай электрастанцыі — нумар адзін. Тут павінны выкарыстоўвацца тыя тэхналогіі, якія забяспечаць двухсотпрацэнтную ўпэўненасць у бяспецы абыходжання з такімі адходамі.
— Такім чынам, у 33 гады вы сталі адным з самых маладых дактароў хімічных навук краіны. Зараз, напэўна, часу зусім не застаецца на навуку, але планы, думаю, ёсць?
— Навука назаўсёды са мной! У вучонага асаблівы склад мыслення са сваёй сістэмнасцю і лагічнасцю, што заўсёды будзе ўплываць на прафесійную дзейнасць. Да таго ж навуковая школа, якую я прайшоў, вельмі важная і карысная для мяне і ў рабоце на сённяшняй пасадзе.
— Усім вядома, што вы яшчэ і вялікі прыхільнік спорту. Удаецца займацца ім?
— Той, хто хоча, знаходзіць магчымасці. Безумоўна, рашэнне задач, якія стаяць перад сістэмай адукацыі, займае практычна ўвесь час і аднімае мноства сіл. Але для мяне найлепшы адпачынак — змяненне віду дзейнасці, і не важна фізічная гэта актыўнасць, разумовая альбо навуковая. Усе яны дапамагаюць перазагрузіцца, структураваць думкі і з новымі сіламі прыступаць да пастаўленых задач.
— Вы прафесіянал сваёй справы, добры вучоны і ўважлівы кіраўнік. У чым залог вашай паспяховасці?
— Кіраўнік любога ўзроўню заўсёды павінен заставацца чалавекам, ён абавязаны слухаць і чуць кожнага для своечасовага прыняцця рашэнняў, накіраваных на стварэнне дастойных умоў для падначаленых. Вось і я стараюся ўважліва і справядліва ставіцца як да кожнага дзіцяці, школьніка, студэнта, так і да педагагічных работнікаў, настаўнікаў, выкладчыкаў — усіх, хто займаецца суправаджэннем адукацыйнай галіны. Увогуле, Міністэрства адукацыі імкнецца праводзіць вельмі гнуткую, узважаную, збалансаваную палітыку ў адносінах да педработнікаў і навучэнцаў усіх узроўняў.
— Андрэй Іванавіч, дзякуй за цікавую размову!
Источник: https://nastgaz.by
Мы в соцсетях: