РУ БЕ EN

“Я – патрыёт сваёй краіны”: Дар’я Сідар з Лунненскай СШ прымае ўдзел у праекце “Поезд Памяці”

01.07.2024

Штогод у апошнюю нядзелю чэрвеня Беларусь адзначае Дзень моладзі і студэнцтва. Традыцыйна гэтаму святу маладосці, энергіі і натхнення папярэднічаюць тэматычныя дні, прысвечаныя жыццю моладзі, іх захапленням, праектам, ініцыятывам. Да гэтай акцыі, падчас правядзення якой  моладзь мае магчымасць не толькі павесяліцца, але і рэалізаваць свой патэнцыял, зрабіць штосьці карыснае для сябе і сваёй краіны, далучаюцца актывісты, самыя крэатыўныя, спартыўныя і паспяховыя юнакі і дзяўчаты.

Менавіта ў гэты час рэалізуецца міжнародны праект “Поезд Памяці”.   Нам вельмі прыемна адзначыць, што вучні дзяржаўнай установы адукацыі “Лунненская сярэдняя  школа імя Героя Савецкага Саюза Івана Шарамета” другі год запар становяцца ўдзельнікамі праекта. У праект уключана наведванне гістарычных месцаў, а таксама мясцін, якія адлюстроўваюць гісторыю сучаснай Беларусі. Моладзь  пазнаёміцца не толькі з гісторыяй і развіццём нашых гарадоў, але і расійскіх. Але ў год 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў акцэнт зроблены менавіта на гэтыя падзеі.

21-22 чэрвеня быў дадзены старт гэтаму праекту. І па традыцыі гэта мерапрыемства пачынаецца з горада Брэста, з  Брэсцкай крэпасці. Тут ўпершыню адбываецца сустрэча не толькі моладзі з Беларусі і Расіі, але і  Казахстана, Кыргызстана, Арменіі, Азербайджана, Таджыкістана, Узбекістана. Дзвесце юнакоў і дзяўчат прымаюць удзел у сумесным беларуска-расійскім культурна-адукацыйным праекце. У чатыры гадзіны раніцы ўдзельнікі наведалі мітынг-рэквіем і рэканструкцыю мінулых падзей у Брэсцкай крэпасці. Ужо 22 чэрвеня поезд прыбыў у горад Гродна, дзе яго сустракалі ўдзельнікі “Поезда  Памяці 2023”. Сярод іх і наш Ілья Базарскі, які перадаў эстафету Дар’і  Сідар. Ілья з вялікім захапленнем расказваў аб усіх наведаных гарадах і новых сябрах, з якімі ён падтрымлівае сувязі да гэтага часу, сустракаецца з імі, цікавіцца іх  справамі, радуецца іх поспехам. Менавіта яго аповед, успаміны і натхнілі Дар’ю на сур’ёзны ўдзел і перамогу ў конкурсе “Я патрыёт сваёй краіны”.

Ёй прыйшлося прайсці даволі жорсткі адбор, таму што ўдзельнікаў у гэтым конкурсе было  многа.  На конкурс было прадстаўлена эсэ “Аб той вясне”, партфоліа і візітка, у якой Дар’і сапраўды было што паказаць. Дзяўчына рыхтавалася з поўнай аддачай, выканала  на выдатна ўсе заданні.  Дар’я – незвычайная вучаніца. Яна мае высокія дасягненні ў алімпіядах і навукова-даследчай дзейнасці, творчых конкурсах і спартыўных спаборніцтвах. Яна салістка ўзорнай вакальнай студыі эстрадных спеваў “Фартуна” Лунненскай сярэдняй школы. У дадзеным накірунку адзначана дыпломамі ад раённага да міжнароднага ўзроўняў.

Дзяўчына цікавіцца гісторыяй свайго краю. Прадстаўляла народны музей баявой славы школы на рэспубліканскім форуме музеяў устаноў адукацыі, удзельнік абароны праекта шостага школьнага дня “Нельга забыць! Нельга маўчаць! Нельга дапусціць!”, які адзначаны дыпломам І ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Дар’я выдатна вучыцца, з’яўляецца намеснікам старшыні пярвічнай арганізацыі ГА “БРСМ”. Працалюбівая, актыўная, адказная. Прымае актыўны ўдзел у раённых грамадска значных мерапрыемствах, акцыях. З’яўляецца лаўрэатам прэміі імя А. І. Дубко (2021), узнагароджана прэміяй Мастоўскага раённага выканаўчага камітэта як вучаніца, якая дасягнула высокіх вынікаў у культурнай, творчай, грамадскай дзейнасці і спорце.

Але, нягледячы на высокія ўзнагароды, уменне трымацца на сцэне, Дар’я вельмі перажывала, каб атрымаць перамогу і стаць удзельнікам гэтага незвычайнага праекта. Мара здзейснілася. За дапамогу ў конкурсе яна выказвае шчырыя словы падзякі кіраўніцтву школы, педагогам, вучням, а таксама за непасрэдную падрыхтоўку педагогу-арганізатару Ганне Вітольдаўне Аўдзеевай,  сваёй маме – музычнаму кіраўніку Ірыне Іванаўне Сідар, класнаму кіраўніку Таісе Мікалаеўне Жук.

Спадзяёмся, што наша Дар’я і ўсе ўдзельнікі  праекта “Поезд Памяці” пазнаёмяцца бліжэй з гісторыяй краін СНГ, памятнымі мясцінамі, звязанымі з гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны,  стануць сапраўднымі патрыётамі сваёй краіны і захаваюць у будучым шчырыя адносіны паміж народамі.

поделиться в: