УВАГА! Конкурс! "Роднаму краю часцінку сябе прысвячаю ..."
30.06.2023Горад Масты… Маленькі, утульны і такі родны! У душы кожнага чалавека жыве любоў да роднага краю, да малой радзімы, дзе жылі яго продкі, дзе жыве ён сам. Вельмі важна, каб гэтая любоў не згасла, каб кожны змог пранесці яе праз усё сваё жыццё і перадаць наступным пакаленням.
Часта свае адносіны да роднага краю чалавек выказвае ў вершах. Раённы творчы конкурс на лепшы аўтарскі верш "Роднаму краю часцінку сябе прысвячаю..." накіраваны на выяўленне і папулярызацыю здольнасцей таленавітых людзей Мастоўшчыны, якія пішуць пра родны край, стварэнне ўмоў для іх актыўнай дзейнасці.
Прыняць удзел у конкурсе могуць усе жыхары г. Масты і Мастоўскага раёна незалежна ад узросту з 1 ліпеня 2023 года па 20 жніўня 2023 года. Кожны ўдзельнік можа прадставіць на конкурс не больш за тры вершы. Вершы павінны быць напісаны на беларускай ці рускай мовах, мець назву, могуць быць маляўніча і творча аформлены і суправаджацца каментарыямі аўтара. Удзельнік павінен прадставіць інфармацыю пра сябе адпаведна заяўцы.
Заяўкі на ўдзел і творчыя працы прымаюцца ў адрас рэдакцыі раённай газеты “Зара над Нёманам” па адрасе: г. Масты, вул. Савецкая, 34 або па электроннай пошце zarja@mail.grodno.by.
Вынікі конкурсу падводзяцца на пасяджэнні журы да 24 жніўня 2023 года ў двух ўзроставых групах: дзеці і моладзь (да 31 года); дарослыя (ад 31 года).
Узнагароджванне пераможцаў адбудзецца на свяце горада Масты 26 жніўня 2023 года. Пераможцам будзе дадзена магчымасць прачытаць свой верш са сцэны ў час свята горада.
Вершы ўдзельнікаў і спіс пераможцаў конкурсу будуць надрукаваны на сайце ДУК “Мастоўская раённая бібліятэка”. Работы пераможцаў будуць надрукаваны на сайце і старонках раённай газеты “Зара над Нёманам”. Удзельнікі, якія зоймуць прызавыя месцы, узнагароджваюцца дыпломамі і спецыяльнымі падарункамі.
Арганізатарамі конкурсу з’яўляюцца Мастоўская раённая арганізацыя грамадскага аб'яднання "Беларускі саюз жанчын", дзяржаўная ўстанова культуры “Мастоўская раённая бібліятэка” і ўстанова “Рэдакцыя газеты “Зара над Нёманам”.
Паважаныя жыхары горада Масты і Мастоўскага раёна!
Калі вы займаецеся паэтычнай творчасцю, вы таленавітая асоба, запрашаем прыняць удзел у конкурсе. Мы чакаем вашы вершы да 20 жніўня 2023 года.
Мы в соцсетях: